Яраславу Лютаму 29 гадоў. У 2014−2016 гадах ён быў добраахвотнікам і ваяваў на Данбасе. Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну мужчына сустрэў на перадавой — ён вярнуўся ў войска ў траўні 2021 года, цяпер ён старшы салдат (раней ва ўкраінскім войску гэтае званне называлася яфрэйтар) у Нацгвардыі, у роце спецыяльнага прызначэння. Цяпер Яраслаў у адпачынку — мы паразмаўлялі з ім пра вайну, смерць, побыт і беларусаў.
Пра вяртанне, побыт і стайню
— Чаму вы вярнуліся на службу?
— Вясной 2021 года, калі расіяне пачалі сцягваць войскі да нашых межаў, я прыняў для сябе рашэнне вярнуцца ў войска, таму што лічыў, што будзе вайна. Усе дадзеныя казалі пра тое, што будзе эскалацыя. Яны назапашвалі сілы. Расіяне ў 2014 годзе не фармавалі такія ўдарныя групы, як у 2021 годзе. Яшчэ яны разгарнулі палявыя шпіталі і пачалі фармаваць банк крыві, гэта ж не проста так. Трэба быць поўным ідыётам, каб думаць, што гэтай вайны не будзе. Яшчэ Троцкі казаў: «Без ўкраінскага вугалю, жалеза, руды, хлеба, сала, Чорнага мора Расія існаваць ня можа».
— Якія ў вас абавязкі?
— Да поўнамаштабнай вайны мы займаліся разведкай, снайперскай і контрдыверсійнай барацьбой. Пасля — выконвалі ўсе лёгкапяхотныя задачы і былі сканцэнтраваныя на контрбарацьбе: дзесьці мост падарваць, дзесьці правесці разведку, дзесьці перакрыць дарогу. Вайну я сустрэў на Данбасе, эскалацыя пачалася за некалькі дзён да 24 лютага: актывізаваліся абстрэлы і ў сілавых структурах быў кіпіш. Стала ясна: вялікая дыскатэка набліжаецца. Раніцай 24 лютага я быў на пасту, у адным навушніку слухаў зварот Пуціна, і як толькі ён скончыў — паляцелі цяжкія ракеты і пачаўся бардак першых дзён.
— У якіх бытавых умовах вы ваюеце?
— Усё залежыць ад таго, дзе ты знаходзішся: на базе, на пазіцыі або ў сакрэце (схаваны пункт для назірання за праціўнікам. — Заўв. рэд.). На базе ты можаш і схадзіць у душ і памыцца. На пазіцыі такога камфорту няма. З ежай праблем няма нідзе: кашы, кансервы, супы. Плюс цывільныя яшчэ частуюць: мы неяк на дарозе стаялі ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання, людзі ехалі, спыніліся і пачаставалі вадой, хлебам і іншымі прадуктамі. Гэта вельмі крута, бо першыя два тыдні з лагістыкай былі праблемы.
— Вы маглі не есці пару дзён?
— Першым часам — так. Вельмі нервовая абстаноўка была, і ўсё так актыўна развівалася, што ты проста часам забываў, што трэба паесці.
— Дзе даводзілася начаваць?
— Самае нязручнае — ямкі на халоднай зямлі. Бывала, што спалі ў разбітай тэхніцы, пад машынамі, у вясковым доме, стайні. Побач стаіць конь, а ты спіш на сене. Але мы вельмі хутка адмовіліся ад практыкі, як і вораг, разгортвання ў школах і дзіцячых садках. Гэта першае месца, якое будуць абстрэльваць.
Аватары, марадзёрства і дэакупацыя
— Як ставяцца да алкаголю на вайне? Можна выпіць?
— Сітуацыя цяпер лепшая, чым у 2014−2015 гадах, таму што тады было паняцце «аватар». Гэта п’яны мабілізаваны, які звычайна з’яўляецца гемароем свайго падраздзялення. Гэта аматар бахнуць. Цяпер я такога не бачыў. Дзейнічае выдатны сухі закон у пэўных рэгіёнах. І яшчэ важны момант — дзіцячыя гульні скончыліся, трэба быць поўным дурнем, каб цяпер бухаць.
— А калі дзіця нарадзілася або дзень нараджэння?
— Для гэтага ёсць адпачынак і выходныя.
— Марадзёрства — частая з’ява?
— На жаль, гэтая праблема ёсць на любой вайне. Усё залежыць ад падраздзялення і брыгады. Расіяне марадзёрствуюць дзіка. Бяруць нават рэчы, якія не патрэбныя вайскоўцу. Часта, калі заходзіш пасля акупацыі, то там ужо ўсё разрабаванае. Папулярны аб’ект марадзёрства на вайне — транспарт. Ён усім патрэбны.
— Вам самому даводзілася нешта браць з кінутага дома?
— Было кінутае сяло, узялі маленькі газавы балон, каб можна было нагрэць ваду. Бяруцца рэчы, але іх не забіраеш — напрыклад, зайшлі ў сяло, знайшлі сякеру, але калі сыходзіш, пакідаеш яе на месцы, не бярэш з сабой. Гэта ж баласт. Або бярэш старую лодку, пераплываеш раку і пакідаеш лодку на беразе.
— А ежа?
— Ежу заўсёды давалі проста так. Ніхто не лазіў па паграбах і не шукаў. У нас такога не было.
— Вам даводзілася дэакупаваць тэрыторыі?
— Так, гэта было ў Данецкай і Харкаўскай вобласці.
— Як мясцовыя вас сустракалі?
— На Харкаўшчыне нас чакалі і чакаюць. На Данбасе — інакш. На жаль, тыя, хто жыў пры акупацыі, — не зусім нашы людзі. У гэтых населеных пунктах былі «ждуны» ці «а якая розніца?» — гэта горш за ўсё, калі ты не маеш ні маралі, ні прывязкі. Ёсць, калі ты заходзіш, і цябе людзі абдымаюць. А ёсць, калі чалавек проста па-асабліваму глядзіць на цябе, але нічога не кажа, па вачах відаць, што ён не патрыёт.
— Ёсць гісторыя, якая вам запомнілася, калі вы з мясцовымі сустрэліся?
— Гэтае пытанне тычыцца галечы, голаду, гвалту і рэпрэсій з боку акупацыйных уладаў. Я б не хацеў развіваць гэтую тэму ў дэталях. Гэта вельмі складанае пытанне.
Раненне, смерць і забойства
— Калі і як вас паранілі?
— Вораг праводзіў разведку боем, ён з пяхотай заляцеў на БТР. Быў прылёт міны, і асколак трапіў мне пад вока. Для мяне гэта быў урок — трэба насіць абарону на твары. Потым пачаўся стралковы бой, мне трапілі ў руку навылёт, але для ворага ўсё скончылася дрэнна — мы пачалі агонь у адказ, не змаглі дабіць БТР, але ўвесь іх дэсант загінуў. У тым жа баі застрэлілі іх камандзіра батальёна.
— Спалохаліся тады?
— Я больш баяўся трапіць у палон. У мяне татуіроўка «Ідэя нацыі» набітая на назе, мяне адразу прынялі б за азоўца — у такім выпадку я б атрымаў поўны спектр курортных паслуг расійскай турмы. Ёсць страх палону. А пра раненні я скажу так: усе мы думаем, што нас гэта абміне, а потым — бац! — глядзіш на руку і разумееш, што ты такі ж, як і ўсе, смяротны.
— Думалі, што рукой больш не зможаце карыстацца?
— Гэта быў піпец які страх. Але ў той момант мяне хвалявалі больш іншыя варыянты — палон або застацца ў той яме. Калі атрымліваеш раненне, то пачынаецца шок. Потым глядзіш, якое ў цябе раненне, і кладзеш жгут. Падчас бою табе ніхто не дапаможа. Потым я дапоўз да сваіх. Усё залежыць ад сітуацыі, але ў актыўным баі цябе не эвакуююць, трэба рыхтавацца да таго, што жгут у цябе будзе доўгі час і ад яго будзе балець усё цела. Мне непрыемна апісваць сваё раненне, бо я бачыў сітуацыі ў разы горшыя. Мне пашанцавала. Пасля мяне эвакуявалі на цягніку, там адзін вайсковец спытаў, ці змагу я залезці на другую паліцу, я залез. А потым я ўбачыў цяжкіх хлопцаў. Я не маю права скардзіцца. Там былі абгарэлыя, з ампутацыяй, з моцнымі раненнямі.
— Як бы вы апісалі, што такое смерць на вайне?
— Калі мы юныя і маладыя, то ўяўляем яе рамантычна ці эпічна, а яна цынічная і статыстычная. Калі апісваць колерам — то смерць не чорная, яна брудна-шэрая. Магчыма, няправільна так гаварыць з маральнага пункту гледжання, але ў звычайным жыцці смерць — гэта трагедыя, а на вайне гэта будзённасць, частка распарадку дня. Няма часу на рэфлексію. Найбольш трагічна ўспрымаецца смерць жанчын, дзяцей, цывільных. Ты гэта адчуваеш з жахам і нянавісцю, якая з часам пачынае цябе выпальваць. Я страчваў баявых таварышаў. Ты хаваеш аднаго, а тут прыходзіць навіна, што загінуў другі. Смерці дастаткова. У нас, напрыклад, няшмат загінулых у роце, але дастаткова параненых. Яшчэ было цяжка маральна перажыць закатаваныя целы з Бучы і іншых месцаў. Гэта траўма, якая застанецца ва ўкраінскай свядомасці на доўгія гады. Я стараюся пра гэта цяпер не думаць, зраблю гэта пасля таго, як скончыцца ваенная кампанія.
— Вы забівалі?
— Поўнамаштабную вайну я сустрэў як наводчык гранатамёта. Як вы думаеце, забіваў я ці не? Я ж разумею, што не кветачкі ляцяць. Вы хочаце спытаць пра блізкі бой, калі чалавека заразаюць? Такія дэталі я расказваць не буду. Знішчэнне праціўніка ў баі я не лічу забойствам. Плюс у сучаснай вайне ты рэдка бачыш ворага на адлегласці 10−15 метраў, хутчэй гэта 300 метраў або кіламетр. Вельмі часта, калі ты выкарыстоўваеш стралковую зброю, то не адразу разумееш, што ты забіў некага. Ён клыпаецца, дапаўзае да хованкі і там ужо памірае.
— Было такое, што даводзілася глядзець у вочы праціўніку ці калі адлегласць паміж вамі была некалькі метраў?
— Напэўна, у той дзень, калі мяне паранілі, там была блізкая дыстанцыя. Але мне запомнілася іншае — іх БТР праскочыў, развярнуўся, расстраляў нашы машыны, але калі ён вяртаўся і зноў праехаў міма нас, то на брані ўжо не было ніводнага жывога ворага: часткі целаў, адзін зачапіўся нагой, і яго цела звісала, у іншага таксама частка цела вісела, і кавалкі мяса звальваліся з БТР.
— Што адчувае чалавек, які забівае?
— Я стаўлюся да гэтага як да працы. У мяне часта было, што я ляжу ў засадзе і ў прыцэл назіраю за ворагам: як яны ходзяць па вёсцы, ламаюць чыесьці адрыны, лазяць па хатах. Пакуль няма каманды «агонь», ты можаш пазнаць праціўніка вельмі добра, мы нават часам ім мянушкі даём. Ты вывучаеш ворага, назіраеш, глядзіш, куды ён ходзіць, чым займаецца, хто ў іх хварэе, а хто наркаман. Гэта тое самае, як ты настройваешся на варожую частату і слухаеш. Ты робішся нямым сведкам іх жыццядзейнасці.
«Цяпер я ў адпачынку, мае думкі — хутчэй назад»
— Вы жанатыя. З якімі словамі вас жонка адпусціла другі раз на службу?
— Са звычайнымі, усё нармальна было.
— Не спрабавала адгаварыць вас?
— Мы знаёмыя шмат гадоў. Мая жонка падтрымлівае мяне і мае падобны светапогляд. Я з нацыяналістычнай плыні, мае бацькі, сям’я, круг зносін — таксама. Нам зразумела, чаму трэба ісці на вайну.
— Часта можаце пагаварыць з жонкай, калі на фронце?
— Калі ў мяне ёсць магчымасць, то я яе набіраю. Бывае, што праз працу даводзіцца тыдзень быць без сувязі, але як толькі яна з’яўляецца, то адразу тэлефаную. Але мы не абмяркоўваем ваенную рэальнасць, гаворым пра побыт.
— Атрымалася пераключыцца з вайны на час адпачынку?
— Так, даволі хутка. Мне спатрэбіўся адзін дзень на тое, каб перабраць і памыць рэчы, прыняць нармальна сангігіену, пагаліцца, пастрыгчыся і выспацца. А далей — сустрэчы з сябрамі, прагулкі, серыялы. Занадта нудна.
— Якія цяпер думкі? Хочацца хутчэй на фронт?
— Пачакайце, я выйду, каб жонка не чула. Цяпер думка: хутчэй бы туды. Можа, звычка, а можа, больш там падабаецца. І галоўнае — хочацца, каб вайна хутчэй скончылася.
— Ці не раздражняе мірнае жыццё іншых?
— У 2014 годзе, калі ўпершыню трапіў на вайну, я думаў: «Ага, у нас на ўсходзе вайна, а тут усе на расслабоне». Цяпер такога няма. Навошта ваяваць, калі не дзеля вяртання мірнага жыцця? Мне наадварот хочацца, каб я прыязджаў адтуль, а ўсё было як раней: рэстараны працуюць, вуліцы асветленыя, хтосьці смяецца, студэнты шпацыруюць. Нельга прыносіць гэта ў звычайнае жыццё. Я з’ехаў з роднага месца яшчэ да таго, як пачалася поўнамаштабная вайна, а вярнуўся пасля ранення: блокпасты, разбураныя будынкі, вожыкі. Гэта цяжка.
Пра нас, беларускае войска і канцы вайны
— Хто для вас беларусы цяпер?
— Складанае пытанне. Тут залежыць ад таго, як успрымае сябе сам беларус, як ён называе сваю краіну: Беларусь ці Белоруссия. Для мяне найлепшай пазіцыяй будзе — гэта погляды беларускага нацыяналіста, які будзе абараняць мову, культуру, тэрыторыю і ўсімі сваімі дзеяннямі падкрэсліваць адрозненне ад расіян, украінцаў, літоўцаў і палякаў. Гэта найлепшы шлях для беларусаў, а калі вы і далей будзеце ператварацца ў правінцыю Расійскай імперыі, то, на жаль, тады вас можна будзе прыраўняць да расіян.
— Што зменіцца, калі Лукашэнка адправіць войска ва Украіну?
— Нам будзе цяжка, але гэта не будзе страшна ці крытычна. У баі мы разаб’ём беларускае войска, а далей вайна перакінецца на вашу тэрыторыю, а там — канец рэжыму Лукашэнкі, вызваленне беларускага народа і стварэнне нармальнага палітычнага саюза ў гэтай частцы Еўропы: Кіеў, Вільня, Варшава, Мінск, Стакгольм, Сафія. Заходняя Еўропа — не наш гарант і не найлепшы саюзнік у эканамічных інтарэсах.
— Чаго не хапае ўкраінскаму войску цяпер?
— Больш за ўсё не хапае дарагіх рэчаў: дронаў і аўтатранспарту. Яшчэ патрэбная агнявая моц. Я не памятаю сітуацыі, каб мы дзейнічалі ва ўмовах артдамінавання. На нашых 2−3 зброі ў іх было 20−24. Нам патрэбны агнявы парытэт.
— Расійскія салдаты наракаюць, што ў іх кепскае абмундзіраванне або яго няма, даводзіцца купляць за кошт грошай, якія ім плацяць за вайну. Вы выдаткоўваеце сваю зарплату на экіпіроўку?
— Я кантрактнік і да 24 лютага паспеў абнавіць свае рэчы. Многае выдае дзяржава, але калі ты хочаш быць больш эфектыўным, то сам шукаеш і купляеш сабе найлепшае: лазерны далямер, куртку, керамічныя пліты ў бронекамізэльку. Скажу так: салдат можа ваяваць у тым, што яму дала дзяржава, праўда, я не ведаю, наколькі для яго гэта зручна. Але нашае абмундзіраванне сапраўды лепшае, чым расійскае.
— Калі і як скончыцца гэтая вайна?
— Выхад на дзяржаўную мяжу ў наступным годзе і заканчэнне актыўнай фазы вайны.
— Межы 1991 года?
— Так, але будзем рэалістамі: Крым — не факт.
— Вы зможаце жыць без вайны?
— Змагу, але будзе складана. Мне са сваім светапоглядам на ваеннай службе прасцей за ўсё.