Старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль зняў сваю кандыдатуру з выбараў у Еўрапейскі парламент, якія пройдуць у чэрвені 2024 года. Пра гэтае рашэнне палітык паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook у пятніцу, 26 студзеня, піша Deutsche Welle.
«Мой выбар выклікаў пільную ўвагу сродкаў масавай інфармацыі і спекуляцыі. Сёе-тое я прадбачыў, улічваючы беспрэцэдэнтны характар майго падыходу. Але гэта таксама прывяло да рэзкай рэакцыі — не ўнутры Еўрапейскага савета, а за яго межамі», — напісаў Мішэль, каментуючы сваё ранейшае рашэнне балатавацца ў Еўрапарламент ад Бельгіі.
Паводле яго словаў, рашэнне застацца на пасадзе старшыні Еўрапейскага савета было абумоўленае менавіта той рэзкай рэакцыяй, якую выклікала перспектыва яго датэрміновай адстаўкі, і ён не хоча дапусціць, каб яго сыход быў выкарыстаны для расколу Еўрасавета, удакладніў Мішэль ў апублікаваным тэксце.
Шарль Мішэль змяніў на пасадзе старшыні Еўрапейскага савета польскага палітыка Дональда Туска ў 2019 годзе. Сам пост старшыні Еўрапейскага савета быў створаны каля 15 гадоў таму ў адпаведнасці з Лісабонскай дамовай. Тэрмін паўнамоцтваў Мішэля як старшыні Еўрасавета заканчваецца ў лістападзе 2024 года.
У Еўрасаюза адпала неабходнасць шукаць тэрміновую замену Мішэлю
7 студзеня ў інтэрв'ю бельгійскім газетам Шарль Мішэль заявіў, што збіраецца ўзяць удзел у летніх еўрапейскіх выбарах, прадстаўляючы бельгійскіх лібералаў. У выпадку абрання ён не змог бы сумяшчаць пасаду кіраўніка Еўрасавета і месца еўрапарламентарыя. Каб пазбегнуць такой калізіі, лідарам краін — чальцоў Еўрасаюза давялося б загадзя ўзгадніць кандыдатуру пераемніка для замены Мішэля.
Гэта адкрыла б патэнцыйную магчымасць часова заняць пасаду кіраўніка Еўрасавета прэм’ер-міністру Венгрыі Віктару Орбану, бо гэтая краіна павінная старшыняваць у Савеце ЕС з ліпеня да снежня 2024 года. Орбан часта выступае супраць агульнай палітыкі ЕС. Так, у снежні Венгрыі ўдалося заблакаваць вылучэнне макрафінансавай дапамогі Украіне на суму 50 млрд еўра да 2027 года, наклаўшы вета на гэтае рашэнне.
Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан вядомы тым, што крытычна выказваецца пра ваенную дапамогу Украіне. Раней ён, да прыкладу, блакаваў «мегапакет» бюджэтных выдаткаў ЕС для Украіны на 50 млрд еўра.