У дзіцячым садку Асіповічаў, што ў Магілёўскай вобласці, памерла двухгадовае дзіця, але ўлады пра гэта не паведамлялі. Цяпер Следчы камітэт праводзіць праверку надзвычайнага здарэння. «Люстэрку» ўдалося даведацца падрабязнасці трагедыі. Расказваем.

Як стала вядома «Люстэрку», надзвычайнае здарэнне адбылося ў асіповіцкім дзіцячым садку № 12. Са словаў нашай крыніцы, знаёмай з сітуацыяй, усё здарылася ў канцы снежня мінулага года. Дзіця знаходзілася ў групе, падчас вячэры ў яго здарылася асфіксія — стан, пры якім звужаюцца дыхальныя шляхі праз траплянне іншароднага прадмета, а арганізм не атрымлівае кіслароду.
— Дзіця ела блінчык і не змагло яго пражаваць, — расказаў суразмоўца. Паводле яго, сям'і не дазваляюць гаварыць пра трагедыю публічна.
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў аддзел па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама як занепакоеная жыхарка горада. У ведамстве пацвердзілі інфармацыю пра гібель дзіцяці і паведамілі, што СК праводзіць следчыя дзеянні.
— Тая інфармацыя, якая мусіць быць даведзеная да грамадскасці, будзе даведзеная ў акрэсленым парадку. Для мяне гэта трагічны выпадак, — адказала чыноўніца. — Аддзел адукацыі ў той жа дзень знаходзіўся на месцы, усе службы былі праінфармаваныя неадкладна. Гэта пракуратура Асіповіцкага раёна, Следчы камітэт раёна, райвыканкам і вышэйшая арганізацыя — упраўленне па адукацыі [Магілёўскага аблвыканкама].
Паводле супрацоўніцы аддзела адукацыі, выхавальнікі, якія ў той дзень былі на змене, і загадчыца дзіцячага садка знаходзяцца на працоўных месцах. На час правядзення праверкі надзвычайнага здарэння іх не адхілялі.
— На якой падставе яны могуць сёння не працаваць? Вы ж нічога не ведаеце пра тое, што адбылося, — заявіла яна. — Гэтая ўстанова працуе дзесяцігоддзямі тым складам, што і сёння, уключаючы тых самых выхавальнікаў. Праз іх рукі прайшлі сотні дзяцей. Там і сёння 110 дзяцей. Усе жывыя і здаровыя. Я дзесяцігоддзямі працую ў сістэме адукацыі, і гэта першы такі выпадак, трагічны выпадак. Цяпер высвятляецца, хто ў ім вінаваты і ці вінаваты. Калі высветляць, што ёсць віна супрацоўнікаў, то, вядома, яны панясуць пакаранне. У цяперашні момант мы лічым, што іх віны няма.
Таксама, як адзначыла чыноўніца, супрацоўнікі аддзела адукацыі прысутнічалі на пахаванні загінулага дзіцяці.
Чытайце таксама


